Такіх часоў яшчэ ніколі не было. Але незалежныя медыя не здаюцца
Такіх часоў яшчэ ніколі не было. Але незалежныя медыя не здаюцца
Оригінал публікації на сайті «Новы час» за посиланням
Ніколі яшчэ беларуская журналістыка не была ў такой драматычнай сітуацыі, як сёння. Сектар незалежных СМІ, незвычайна моцны да падзей 2020 года, бязлітасна разгромлены ўладамі і вымушана перавандраваў за мяжу. У эміграцыі рэдакцыям даводзіцца нясоладка — і чым далей, тым больш цяжкасцей даводзіцца пераадольваць, піша Вячаслаў Корасцень на «Позірку».
Паводле звестак Міністэрства інфармацыі, апублікаваных на сайце ведамства, на 1 снежня 2024 года ў Беларусі зарэгістравана 1143 СМІ. 601 з іх — недзяржаўнае. У сённяшніх рэаліях прыватная форма ўласнасці не азначае крытычнага погляду на палітыку ўладаў — працуе самацэнзура. Тым не менш, менавіта гэты сектар медыя скарачаецца ў краіне найбольш хуткімі тэмпамі.
У верасні 2020 года, як паведамляў са спасылкай на Мінінфарм «Беларускі расследавальніцкі цэнтр», сродкаў масавай інфармацыі налічвалася 1927 — на 40,1% больш, чым цяпер. Недзяржаўных тады было 1285. За чатыры гады падзенне ў гэтым сегменце склала 53, 2% — гэта значыць, больш чым удвая.
Відавочна, што за гэтымі лічбамі хаваецца рэпрэсіўнае выкараненне ўладамі незалежных грамадска-палітычных медыя.
Іх прызнавалі «экстрэмісцкімі», што адразу ставіла крыж на далейшай працы ў краіне і ў многіх выпадках прыводзіла да рэлакацыі цэлых рэдакцый за мяжу. Журналістаў затрымлівалі і прысуджалі да пазбаўлення волі — цяпер за кратамі 35 прадстаўнікоў прафесіі.
Крымінальнаму пераследу падвяргаюцца людзі, якія даюць інтэрв'ю такім медыя, адміністрацыйная адказнасць — як правіла, якая вядзе да звальнення з працы — прадугледжаная за падпіску на недзяржаўныя СМІ (дэ-факта проста за іх чытанне).
Колькасць медыя, якія з'ехалі, ідзе на сотні. Паводле звестак «Беларускай асацыяцыі журналістаў» (БАЖ), эмігрантаў з адпаведным бэкграўндам цяпер 450-500, за мяжой працягвае працу больш за 30 рэдакцый.
Як ім на чужыне? Якія праблемы іх адольваюць і як яны з імі спраўляюцца? Што наогул чакае беларускі медыясектар у такіх беспрэцэдэнтных умовах?
БАЖ: востры прафесійны і экзістэнцыйны крызіс
Вастрыню праблем беларускіх СМІ ў выгнанні пацвярджаюць вынікі сацыялагічнага даследавання, праведзенага сёлета БАЖ.
Апытанне 211 беларускіх медыйшчыкаў з розных краін (Польшча, Грузія, Літва, невялікая доля — з Беларусі і інш.) прадэманстравала дзве прафесійныя болевыя кропкі.
Першая: працаваць перашкаджаюць рызыкі палітычнага пераследу з боку ўладаў — у тым ліку верагодныя рэпрэсіі ў дачыненні да сваякоў.
Другая: журналісцкая дзейнасць не прыносіць даходу, дастатковага, каб нармальна жыць у чужой краіне. Пра гэта заявілі адпаведна 67,3% і 62% рэспандэнтаў. 40% пры гэтым паскардзіліся на працоўныя перагрузкі.
Пацвярджаюць статыстыку раз за разам навіны пра гаротнае становішча цэлых рэдакцый. Напрыканцы лістапада ў набат забілі «Новы Час» і «Маланка медыя». Абодва СМІ пайшлі хожанай дарогай — абвясцілі экстраны збор сродкаў на платформе фонду салідарнасці «BySol».
Беларусы адгукнуліся, але данаты пакуль збіраюцца павольна. І наўрад ці гэты шлях здольны паўнавартасна замяніць падтрымку з боку донараў, якая з году ў год скарачаецца.
Раней у гэтым годзе пра фінансавыя праблемы паведамілі іншыя незалежныя СМІ: «Reform», «Plan B», «Ex-press», «KYKY»; беларуская рэдакцыя польскага «Радыё Ўнэт», «The Village Беларусь» праз гэта спынілі працу. Хваравіта і з калізіямі прасоўваецца рэфармаванне тэлеканала «Белсат» — самага буйнога беларускамоўнага СМІ, якое працуе за мяжой.
На прафесійныя цяжкасці натуральным парадкам накладваюцца асабістыя. 49,3% удзельнікаў апытання БАЖ заявілі пра наяўнасць псіхалагічных праблем, 34,6% — пра праблемы са здароўем, 33,2% — пра складанасці з легалізацыяй за мяжой. 39,3% рэспандэнтам ускладняе эмігранцкае жыццё моўны бар'ер.
«Апытанне паказвае, што журналісты і журналісткі перажываюць востры прафесійны і экзістэнцыйны крызіс, — адзначаюць аўтары даследавання. — <...> Гэта звязана не толькі з палітычна матываванымі рэпрэсіямі і рызыкамі прафесіі, вымушаным ад'ездам і стратай магчымасці быць побач з блізкімі людзьмі і былымі калегамі, але таксама, у многіх выпадках, адсутнасцю сталай працы і доступу да медыцынскіх паслуг».
Улады пазбавілі СМІ магчымасці зарабляць
Атаку на незалежныя медыя рэжым Аляксандра Лукашэнкі вядзе шырокім фронтам.
Нароўні з татальным прысваеннем «экстрэмісцкага» статусу і рэпрэсіямі супраць журналістаў пляцоўкі распаўсюджвання інфармацыі па максімуме адразаюцца ад аўдыторыі.
Сайты даўно заблакаваныя, за падпіску на сацсеткі людзей у Беларусі арыштоўваюць, для гэтага на паток пастаўлена праверка тэлефонаў. На выпадак фінансавай падтрымкі ў Крымінальным кодэксе прадугледжана адразу некалькі артыкулаў з цяжкім і працяглым пакараннем. Усё гэта прывяло да таго, што кантэнт немагчыма манетызаваць.
Да падзей 2020-га незалежныя медыя нядрэнна зараблялі на рэкламе, лёгка затыкаючы за пояс кандовыя дзяржСМІ. Рэкламадавец куды больш ахвотна ішоў на прыватныя пляцоўкі, якія мелі нашмат большы ахоп аўдыторыі і маглі прапанаваць якасныя, камерцыйна паспяховыя спецпраекты. Таму, не атрымліваючы ні капейкі з дзяржбюджэту і плацячы падаткі, недзяржаўныя рэдакцыі былі цалкам фінансава ўстойлівымі.
Цяпер гэты падмурак з-пад СМІ выбіты, таму пра ўласны дастатковы заробак гаворкі больш не ідзе. Беларускі рэкламадавец на «экстрэмісцкую» платформу не пойдзе — гэта прамая дарога ў засценкі. Колькасць чытачоў праз забароны змяншаецца. Доступ да крыніц інфармацыі ўнутры краіны абмежаваны. Таму спадзявацца даводзіцца ў асноўным на донарскую падтрымку.
У дэмакратычным свеце з яго моцнымі гарызантальнымі сувязямі такая падтрымка наладжана добра. За яе нястомна выступаюць на міжнародных сустрэчах прадстаўнікі дэмакратычных сіл.
Аднак часы цяпер цяжкія: ва Украіне вайна, а ў ЕС, ратуючыся ад пуцінскіх рэпрэсій, бягуць шматлікія расійскія медыйшчыкі. З тым жа самым разлікам на фінансаванне з адпаведных крыніц. Дапамога можа спатрэбіцца і грузінскім журналістам, калі кіруючая прарасійская партыя працягне закручваць гайкі.
У такой сітуацыі на пятым годзе эміграцыі скарачэнне падтрымкі беларускіх СМІ не ўспрымаецца як сенсацыя. Хоць з пункту гледжання геапалітычных стратэгій гэта вялікая памылка міжнародных донарскіх інстытуцый.
Беларуская прапаганда пераймае досвед расійскай
Прынцыповая розніца медыяспажывання ў Беларусі і Расіі — ва ўспрымальнасці насельніцтва да дзяржпрапаганды.
У беларускім медыяполі да выбараў 2020-га дэ-факта дамінавалі незалежныя рэсурсы (наклады дзяржСМІ раздзімаліся за кошт прымусовай падпіскі, казённаму ТБ многія не верылі). Што ўлады затым і прызналі, калі павесілі на СМІ ўсіх сабак за масавыя пратэсты.
Да прапагандыстаў, адпаведна, даверу было няшмат, бо за дзесяцігоддзі кіравання Лукашэнкі беларусы навучыліся верыць уласным вачам, а не лубочным карцінкам у тэлевізары.
У РФ тым часам прапаганда працавала больш дасканала, фінансавалася багацей, а ў сектары апазіцыйных медыя так і не выспелі флагманскія праекты з аўдыторыяй, супастаўнай з тэлевізійнай. У тым ліку і гэтае прамыванне мазгоў насельніцтва прынесла Уладзіміру Пуціну ўстойлівы электаральны рэйтынг, які зрабіў магчымым ваенную агрэсію супраць Украіны.
Пасля 2020 года беларускія ўлады ўзялі на ўзбраенне менавіта расійскі досвед замбавання публікі. Разграміўшы незалежныя СМІ і ўсебакова ўзмацніўшы прапагандысцкія, рэжым Лукашэнкі спрабуе заманіць грамадства ў сваю няхітрую веру. Ці атрымліваецца гэта? Пакуль непадобна, але тут важны час, які, як вада, камень точыць.
Нягледзячы на ўсе намаганні ўладаў, незалежныя медыя супрацьстаяць рэжымнаму агітпрапу. Аўдыторыя застаецца вялікай, рэдакцыі выкарыстоўваюць розныя фарматы дыстрыбуцыі кантэнту, ствараюцца ўсё новыя ютуб-каналы, актыўна выкарыстоўваецца «TikTok».
Агулам СМІ ў выгнанні дэманструюць добрыя навыкі выжывальнасці ў экстрэмальных умовах. Аднак, калі паказаныя ў даследаванні БАЖ трэнды захаваюцца, рана ці позна прапаганда атрымае перамогу на інфармацыйным полі. І беларускае грамадства, якое праявіла чатыры гады таму волю да дэмакратычных перамен, стане нагадваць расійскае — з яго пераважнай ментальнасцю падданых, але не грамадзян.
Медыяменеджарам цяжка скокнуць вышэй за пояс
30 лістапада кіраўнік «Белтэлерадыёкампаніі» Іван Эйсмант заявіў пра рост даверу жыхароў краіны да дзяржСМІ. Лічбы, якія ён прывёў, у прынцыпе заслугоўваюць даверу не больш, чым любы іншы прапагандысцкі кантэнт. Аднак статыстыка гэтая цалкам цікавая.
«Мяркуючы па тых даных, якія мы атрымліваем ад сацыёлагаў, ужо больш за 50% насельніцтва давяраюць дзяржаўным СМІ. Я не стаўлю гэтыя 50 з лішнім адсоткаў пад сумнеў, таму што мы бачым рэальныя паказчыкі на непрыязных да нас платформах, бачым вялікі рост даверу за апошнія гады», — сказаў чыноўнік.
Тым самым ён пацвердзіў як мінімум дзве рэчы. Па-першае, прызнаў, што яшчэ зусім нядаўна большасць беларусаў не давяралі афіцыйным медыя. Па-другое — дэ-факта прадэклараваў, што праз чатыры гады рэпрэсій супраць незалежных СМІ, нягледзячы на іх разгром і забарону, яны застаюцца запатрабаванымі і захоўваюць сур'ёзны ўплыў на настроі думак у Беларусі.
Будзь хоць колькі-небудзь інакш, Эйсмант ахвотна б заяўляў пра 70 або 80% падтрымкі. Усё роўна гэта ніяк нельга праверыць. Але чамусьці ён асцярожна кажа пра палову «з лішнім».
З гэтага пункту гледжання сітуацыя ў медыяпрасторы зусім не крытычная. Іншая справа, што незалежным журналістам, якія знаходзяцца ў вельмі ўразлівым становішчы, усё цяжэй канкураваць з дзяржпрапагандай, якая мае небывалыя прывілеі.
«Беларуская медыясфера перажывае крызісныя моманты і патрабуе інфраструктурных змен, новых падыходаў і рэсурсаў для салідарызацыі прафесійных супольнасцей, тэхналагічнай і фінансавай падтрымкі», — гаворыцца ў згаданым даследаванні БАЖ. З такіх базавых пазіцый цяжка глядзець у будучыню з аптымізмам.
Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец, адказваючы на пытанне «Позірку» на прэзентацыі даследавання, адзначыў, што адносна беларускай журналістыкі ў выгнанні цяпер «ніхто не можа нічога прагназаваць».
Са спасылкай на дасведчаных экспертаў ён сказаў, што ў 2025 годзе «сітуацыя будзе захоўвацца прыкладна на сённяшнім узроўні», але пры гэтым магчыма скарачэнне падтрымкі медыя на 10%. «А вось што будзе ў 2026-м, ніхто не ведае», — канстатаваў Бастунец.
Намеснік кіраўніка БАЖ Барыс Гарэцкі таксама заявіў, што сёння цяжка нешта загадваць пра будучыню незалежных СМІ. Разам з тым, паводле яго слоў, «зыходзячы з наяўных звестак, прагноз несуцяшальны».
«Праблемы існуюць, і пакуль няма, скажам так, падстаў думаць, што прыйдзе нейкая сіла і раптам зменіць ход гісторыі. Пазітыўным адказам з'яўляецца тое, што медыяарганізацыі, такія як БАЖ і іншыя, гэтыя праблемы бачаць. І праграмы, якія мы ствараем, у прынцыпе зыходзяць з гэтых праблем», — падкрэсліў медыяменеджар.