detector.media
20.01.2009 23:38
На два фронты
На два фронты
Сёньняшні чытач як належнае ўспрымае наяўнасьць ці ня ў кожнай газэты ўласнага інтэрнэт-сайту. Нават раённыя выданьні пачалі засвойваць прастору Сеціва. Замежныя папяровыя СМІ гэтак працуюць досыць даўно. І, як правіла, на базе друкаванага выданьня паўстае цалкам незалежны інтэрнэт-партал, на які працуе асобная рэдакцыя.
Асаблівасьцю беларускай сытуацыі ёсьць тое, што з розных прычынаў, часьцей за ўсё ў сувязі з бракам людзкіх і фінансавых рэсурсаў, адзін і той жа калектыў працуе на два фронты адначасова — рыхтуе матэрыялы ў друкаванае выданьне й піша для сайту...
 
Паспрабуем ацаніць плюсы й мінусы такой адначасовай працы.
 
Пачнём зь мінусаў. Галоўнай праблемай такой паралельнай працы ёсьць недахоп часу. Нярэдкія выпадкі, калі, намагаючыся пасьпець і тут і там, журналіст вымушаны ахвяраваць якасьцю матэрыялаў. Асабліва напружанымі зьяўляюцца пэрыяды, зьвязаныя з выбарамі, а таксама традыцыйна палітычна актыўныя сэзоны — напрыклад, вясновыя акцыі апазыцыі. Але гэта, бадай, бяда ўсіх маленькіх рэдакцыяў.
 
Разьвіцьцё мэдыйных тэхналёгіяў, якое дазваляе даносіць інфармацыю да спажыўца ўсё хутчэй, абвастрае канкурэнцыю паміж рэдакцыямі СМІ. І часта сьціплы колькасны склад рэдакцыі не зьмяншае жаданьня апярэдзіць калегаў-канкурэнтаў.
 
Акрамя таго, да мінусаў адначасовай працы таксама можна дадаць пэўнае пачуцьцё дысгармоніі: падрыхт­оўка грунтоўнага артыкулу ў папяровую газэту патрабуе ўсё ж болей часу й засяроджанасьці, чымся напісаньне караценькіх, на два-тры абзацы, паведамленьняў. А часам працу над «вечным» даводзіцца перарываць, каб падрыхтаваць штосьці тэрміновае. Ізноў жа — каб апярэдзіць канкурэнтаў.
 
Трэба ўлічваць і той факт, што аўдыторыя папяровай газэты збольшага адрозьніваецца ад асноўнай масы наведнікаў сайту.
Таму даводзіцца толькі па-добраму зайздросьціць рэдакцыям замежных выданьняў, якія могуць дазволіць сабе дадатковых супрацоўнікаў, засяроджаных на працы выключна над сайтам, ды чакаць на лепшае ў сябе.
  
Пяройдзем да плюсаў. Безумоўнай перавагай працы на сайт ёсьць апэратыўнасьць. Зьдзівіць кагосьці сёньня лічбавым фотаапаратам — вельмі нялёгкая справа, тым больш у вялікім горадзе. Таму часта здымкі, напрыклад, зь месца аўтамабільнага здарэньня, трапляюць у Сеціва хутчэй, чым да пашкоджаных аўто дабіраецца ДАІ. Але калі гаворка вядзецца пра сур’ёзнае выданьне, то без камэнтароў салідных мужчынаў у форме навіна ператвараецца ў запіс у Жывым часопісе.
 
Але тут карэспандэнты сайтаў маюць вялікую перавагу, якая дазваляе ня страчваць у апэратыўнасьці й дакладнасьці пры падачы інфармацыі. Усё вельмі проста: неабходныя камэнтары й удакладненьні можна дадаць па меры іх атрыманьня ў абноўленым матэрыяле. У газэту ж матэрыял патрапіць у канчатковым дапрацаваным выглядзе. А можа й не патрапіць зусім. У любым разе ўсё вырашае хуткасьць, а часам і элемэнтарнае шанцаваньне.
 
Сьвежы прыклад. Аўтару гэтых радкоў, які ў пляне фатаграфаваньня зьяўляецца сьціплым аматарам, пашчасьціла адным зь першых давезьці да сваёй рэдакцыі здымкі толькі што адчыненай станцыі мэтро «Кастрычніцкая», апярэдзіўшы сваіх масьцітых калегаў з дарагімі фотаапаратамі.
 
Дадамо да прыемных бонусаў магчымасьць у любы момант выправіць у сваім матэрыяле памылку — ці то фактычную, ці то граматычную. Такога, на жаль, немагчыма зрабіць у папяровай газэце, калі тая пайшла ў друк.
Урэшце, да пэўнай тэмы можна вярнуцца пазьней, каб распрацаваць яе больш грунтоўна. І ў гэтым, дзякуючы магчымасьці камэнтаваць артыкулы, могуць апэратыўна дапамагчы вашыя чытачы — нярэдка падказка ці дасланая наведнікам сайту спасылка даюць новы кірунак у разьвіцьці журналісцкага матэрыялу, альбо, што таксама вельмі важна, дапамагаюць апэратыўна выправіць памылкі й недакладнасьці. У ідэале ад гэтага ў канчатковым выніку мусіць выйграваць і аўдыторыя папяровай газэты — яна атрымлівае такім чынам­ правераную інфармацыю. Акрамя ўсяго, чытачы «Нашай Нівы», як і найбольш актыўныя прадстаўнікі аўдыторый іншых выданьняў, маюць магчымасьць дасылаць свае навіны і ў газэту, і на сайт.
 
Што датычыць візуальнага афармленьня, то ў гэтым інтэрнэт мае відавочную перавагу. Св­а­е рэпартажы на nn.by я магу суправадзіць дзясяткам здымкаў (уласных альбо зробленых калегамі), а ў газэце гэта нерэальна. Акрамя таго, ваш артыкул могуць перадрукаваць іншыя рэсурсы, з шырэйшай аўдыторыяй. І тут існуе некалькі магчымасьцяў для пашырэньня кола чытачоў: выкладаць спасылкі на свае матэрыялы на іншых сайтах альбо пісаць такія артыкулы, якія будуць перадрукоўваць многія.
 
А яшчэ ёсьць відэа. Колькі словаў пра яго. Цяпер на падзеі ці інтэрвію, што па сваёй значнасьці для публікі проста «просяць» усебаковага асьвятленьня, выяжджае цэлая брыгада — рэпарцёр, фатограф і відэаапэратар. Першы занатоўвае словы, другі — вобразы, трэці — самыя смачныя кавалкі. У выніку на сайце можна ня толькі прачытаць пра новы зборнік Хадановіча, пабачыць яго самога, але й пачуць некалькі вершаў у выкананьні аўтара.
 
Бывае й гэтак, што відэаапэратар адначасова выступае і ў ролі аўтара суправаджальнага тэксту да роліка, то бок працуе аўтаномна. На сайце «Нашай Нівы» відэа, як правіла, выкарыстоўваецца, каб занатаваць самыя яскравыя моманты падзеі ці гутаркі, выступае ў ролі візуальнай цытаты.
 
Такім чынам, падсумуем напісанае вышэй. Праца «на два фронты» вымагае немалых высілкаў і нярэдка адбіваецца на якасьці журналісцкіх матэрыялаў. Кампэнсацыяй ёсьць апэратыўнасьць, магчымасьць удакладніц­ь і дапоўніць атрыманую інфармацыю. У маім варыянце (праца ў тыднёвіку) частка назапашаных за тыдзень «сайтавай» працы артыкулаў трапляе ў газэту. Сеціва дае значна шырэйшыя магчымасьці для ілюстраваньня тэкс­таў — ад фотаздымкаў да відэа- і аўдыёфайлаў.
 
Да ўсяго, праца на сайце — гэта няспынная вучоба. У сваіх калегаў я навучыўся шмат чаму: самастойна выстаўляць артыкулы й фотаздымкі на сайт (давялося пазнаёміцца з азамі фоташопу), аздабляць тэксты гіпэрспасылкамі.
 
Сучасная інтэрнэт-журналістыка асабіста мне часта нагадвае гульню, у якой рэгулярна зьмяняюцца правілы. А паколькі пра большасьць журналістаў можна сказаць, што яны жывуць сваёй працай, то й пра сябе я сьмела скажу: жыву я гуляючы!
 
Фото: Беларуская асацыяцыя журналыстаў, на фота - Сямён Печанко, аўтар артыкулу
 
Сямён Печанко, Беларуская асацыяцыя журналыстаў
detector.media
DMCA.com Protection Status
Design 2021 ver 1.00
By ZGRYAY