detector.media
04.06.2021 11:15
Чаму ня варта аналізаваць «прызнаньні» Пратасевіча
Чаму ня варта аналізаваць «прызнаньні» Пратасевіча
Ніводнае слова, сказанае палітвязьнямі іх катам, нельга лічыць праўдай, і ні за якія «прызнаньні» іх нельга асуджаць. Усё гэта — наступствы катаваньняў і знак таго, што чалавек яшчэ не да канца зламаны і дагэтуль змагаецца за жыцьцё.

Адзін дзяржаўны тэлеканал паказаў новыя «прызнаньні» Рамана Пратасевіча, і ў сацсетках імгненна зьявіліся ацэнкі ягоных словаў і разважаньні, што можа значыць той факт, што ён называў тыя ці іншыя прозьвішчы, быццам «здаючы» тым самым людзей. Гэтыя ацэнкі і разважаньні розныя, але аб’ядноўвае іх адно – іх пішуць людзі, якія знаходзяцца на волі.

Так, гэтым людзям таксама няпроста, і, магчыма, некаторыя зь іх хутка таксама будуць за кратамі, але цяпер маюць які-ніякі кантроль над сваім жыцьцём. Могуць выбіраць, наколькі моцна ўключацца ў палітычныя працэсы, могуць спаць у поўнай цемры, чытаць перад сном навіны і, пры патрэбе, зьехаць ад існага альбо верагоднага перасьледу за мяжу.

А Раман Пратасевіч сядзіць у СІЗА пасьля таго, як дзеля яго арышту ўлады Беларусі фактычна ўчынілі акт дзяржаўнага тэрарызму, прымусіўшы сесьці транзытны пасажырскі самалёт. Ён цяпер цалкам пад кантролем сілавікоў, і тое, што ён кажа на камэру – выключна наступства катаваньняў і пагроз. І сам па сабе працэс «нагаворваньня» прызнаньняў — таксама катаваньне. А калі чалавека катуюць, яго нельга асуджаць за ніякія словы і дзеяньні. Яго задача — выжыць з найменшымі стратамі, і непрыстойна спрабаваць перакладваць на яго адказнасьць за нашу бясьпеку.

За апошнія месяцы мы маглі бачыць дзясяткі, калі ня сотні такіх прызнаньняў на камэру. У сваёй палітычнай актыўнасьці каяліся людзі абодвух палоў, розных узростаў і з розным узроўнем фізычнай падрыхтоўкі і псыхалягічнай устойлівасьці. Прапаганда ня грэбавала тым, каб паказваць прызнаньні зьбітых і акрываўленых людзей, — для прапагандыстаў і такія «паказаньні» лічацца прымальнымі.

Былі «прызнаньні» і анархіста Міколы Дзядка, і прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча, і палітоляга Аляксандра Фядуты, і шматлікіх іншых палітзьняволеных. Але калі чалавек мае хоць крыху эмпатыі і разуменьня, што літаральна выбітыя паказаньні нельга ўспрымаць сур’ёзна, дык ня ўзьнікне і жаданьня падрабязна разьбіраць зьмест такіх паказальных катаваньняў на камэру. І тым больш судзіць пра маральныя якасьці чалавека, якога катуюць у СІЗА.

І вельмі важна разумець: тое, што паказваюць цяпер па дзяржаўным тэлебачаньні, нельга называць «інтэрвію з Раманам Пратасевічам». Ён ня госьць здымачнай каманды, не запрошаны экспэрт і не герой інтэрвію. Ён закладнік, у якога яшчэ засталося хоць нейкае жаданьне спрабаваць захаваць сабе жыцьцё. І калі і варта аналізаваць зьмест ягоных «паказаньняў», дык толькі з таго ракурсу, які дазволіць ацаніць сур’ёзнасьць катаваньняў, празь якія яму даводзіцца праходзіць. І ракурс гэты можа быць даволі відавочны: чым больш гучныя робяцца прызнаньні, тым праз больш страшныя катаваньні праходзіць чалавек.

Таксама відавочна, што той жа Пратасевіч — не наіўны юнак, які верыць, што, калі будзе супрацоўнічаць са сьледзтвам, дык атрымае нейкія даброты накшталт скарачэньня будучага тэрміну. Ён проста спрабуе выжыць сам і, верагодна, захаваць жыцьцё сваёй дзяўчыне, якую літаральна ўзялі ў закладніцы. Ён са свайго боку робіць усё, што можа. Нашая задача — рабіць усё, што можам мы.

detector.media
DMCA.com Protection Status
Design 2021 ver 1.00
By ZGRYAY